На галоўную На галоўную
Напісаць ліст Напісаць ліст
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
ГЕРБ РБ Асіповіцкі раённы выканаўчы камітэт

Рака Свіслач  Асіповіцкая ГЭС  Мемарыяльны комплекс Брыцалавічы  Алея Герояў Мемарыяльны комплекс Расохі Асіповіцкі райвыканкам
Рака Свіслач

Палацавая і сядзібна-паркавая архітэктура

Палацавая і сядзібна-паркавая архітэктура

Летні княжацкі дварэц эпохі Кіеўскай Русі і эпохі раздробленасці меў хутчэй гаспадарчы, чым святочны выгляд. Да і сама назва “дварэц” (маленькі двор) гаворыць пра гэта. Вакол двара былі княжацкая ралля, сады, агароды. Сам церам быў акружаны канюшнямі, свірнамі, хлявамі як гэта было ў маёнтку феадалаў эпохі Вялікага княства Літоўскага. Па шматлікіх дакументах, якія засталіся з таго часу, мы можам аднавіць абрыс тагачасных маёнткаў, а значыць, будзем мець уяўленне і пра будынкі ранейшай эпохі.

Вучоныя-археолагі высветлілі, што ў 8-9 стагоддзях славяне-цесляры ў асноўным ужо ведалі ўсе тыя прыёмы апрацоўкі драўніны, якія выкарыстоўваліся ў будаўніцтве дамоў у сельскай мясцовасці амаль да канца 19 стагоддзя.

На паўднёвай ускраіне вёскі Свіслач, што на Асіповіччыне, на ўзвышаным водараздзеле рэк Свіслачы, і Бярэзіны знаходзіцца тэрыторыя, якую ўсе мясцовыя жыхары называюць звычайна «замак». Чаму ж менавіта так?

Абапіраючыся на матэрыялы раскопак, якія праводзіліся студэнтамі БДУ у 1962 г. і матэрыялы інвентарызацыі Свіслацкай воласці ў 1560 годзе можна сцвярджаць, што замак тут быў на самой справе. Як сведчыць энцыклапедыя Брокгауза і Эфрона, пабудаваны ён быў у 1510 годзе. Даволі падрабязна замак апісаны ў інвентары 1560 года.

Што ж ён уяўляў сабой у той час?

Становішча яго вызначана ў інвентары такім чынам: «На горе высокой, над рекою Свислочью, на одно стрелбище з лука от усьтя тое реки у Березину». Гэта надзвычай добра паказвае месцазнаходжанне замка, які займаў усю гару. Сама гара тая рабіла яго даволі ўмацаваным, але над гэтым жа добра папрацавалі і людзі. 3 трох бакоў замка быў зроблены роў – неглыбокі, якога з боку ракі Свіслач не было зусім. Трапіць у замак можна было праз мост, перакінуты праз роў. Мост быўузводны, падымаўся на ланцугах. Пад мостам была яма.

Свіслацкі замак, як і Полацкі, Тураўскі і іншыя, быў драўляны. Меў ён 5 вежаў, каля моста варотную, праз якую і ўваходзілі сюды. Усе вежы былі зноў-такі драўлянымі і даволі высокімі. У інвентары сказана, што яны былі «о четырех помостех» (чатыры паверхі). Калі вышыня аднаго паверха адпавядала 1,5 - 2 сажаням, то ўсёй вежы 7,5 - 8 (сажань - старая руская мера даўжыні, роўная 2,134 м). Паміж вежаў быў пастаўлены паркан з тоўстых дубовых бярвенняў, завостраных уверсе. Над зямлёй яны ўзвышаліся на 3 сажні.

У інвентары пералічаны «огородні» паміж асобнымі вежамі, пералік гэты дае магчымасць устанавіць даўжыню сцяны замка. Вядзецца пералік гарадзён (гарадня прамавугольны зруб з бярвенняў, запоўнены ўнутры зямлёй альбо каменнямі) ад «варотнае вежы, увашэдшы в замок по левой стороне». Ад яе да другой вежы было 10 гарадзён. Але ў 1560 г. другой вежы не было, на яе месцы стаяла царква «Тую вежу князь Ковельский да держанья своего скинул и на том местцу церков поставил, которая обороной быти не может, потреба знов вежу поставити», - сказана ў інвентары.

Ад царквы ішлі 6 гарадзён да трэцяй вежы, потым 7 гарадзён да чацвёртай, 6 да пятай і 4 гарадні да варотнай вежы.

Па прыкладу іншых драўляных замкаў кожная гарадня была працягам 3 - 4 сажні, а даўжыня ўсяго паркана да 100 сажняў. Даўжыня веж даходзіла да 25 сажняў, такім чынам даўжыня ўсяго ўмацавання складала 125 сажняў, альбо 266,75 метра.

Хто ж будаваў гэтыя вежы і паркан? Рабілі гэта сяляне Свіслацкай воласці і прылеглых да яе прыватна-ўласніцкіх маёнткаў.

Варотную вежу ўзводзілі сяляне в. Горкі і свіслацкія мяшчане. Гарадню першую будавала ўся Свіслацкая воласць, другую - трэцюю - сяляне в. Колбча, 4 - в. Пагарэльскае, 5 і 6 - в. Гарадзея, 7 - в. Бацэвічы, 8 - в. Балотча, 9 - в. Лешчынскае, 10 - в. Пагарэльскае.

Вежу другую будавалі жыхары вёсак Ачыскі і Усохі. Гарадню адзінаццатую - вёска Баратычы, 12 - 13 - вёскі Задобрынне і Каменічы, 14 - в. Багушэвічы, 15 - в. Яншыцы, 16 - в. Суціна.

Вежу трэцюю ставілі людзі з вёсак Брадзец і Максімаўка. Гарадню 17 - 18 - жыхары Божына і Нягоніч, 19 - 20 - в. Астроў, 21 - 23 - з вёсак Грава, Лапічы, Вяззе, Верайцы, Ізбарск і Цэляны.

Чацвёртую вежу будавалі вёскі Тамілавічы і Цэляны. Гарадню 24 - шэйпічскія вяскоўцы. 25 - з в. Пруды і Шэйпічы, наступную - з Гарожы, 27 - 29 - свіслацкія мяшчане.

Над пятай вежай працавалі жыхары Брыцалавіч і Цяплух. Гарадню трыццатую - людзі з в. Бацэвічы і 31 - 33 - вёскі Арліны.

Кожная вёска добра ведала сваю частку: штогод яна павінна была рамантаваць і падсыпаць гару, а праз некаторы час змяняць паркан і вежы. Гэта было дзяржаўнай працай.

Невялікая плошча замка змяшчала і невялікую колькасць будынкаў. Інвентар акрамя царквы пералічвае наступнае:

  1. невялікі дамок з цесанага дрэва, крыты драніцамі. Ён быў пабудаваны справа ад варотнай вежы. Тут было дзве святліцы, пабудаваныя адна супраць другой з сенцамі паміж імі;
  2. другі дом быў ужо стары і забурыўся;
  3. тры клеці і дзве невялікія піўніцы. зробленыя з дрэва (піўніцай называўся склеп, дзе знаходзіўся порах).

Пералічана ў інвентары і ўзбраенне замка, якое мелася ў той час. Было яно слабае:

  1. гармата адна - жалезная, старая, невялікая;
  2. гакоўніцы (доўгія ружжы) - 22, з якіх - 15 - старыя;
  3. падстаўкі да гакоўніц, кулі свінцовыя - 4 капы, парахоўніцы - 8;
  4. аркебузы (марціры на лафетах) - 7;
  5. ручніцы (ружжо з кароткім. але досыць шырокім дулам, якое звычайна ўжывалася для нашэння на сабе) - 3;
  6. пораху - 1,5 пуда, волава, з якога вылівалі кулі - 30 фунтаў (фунт - старая руская мера вагі, роўная 409,5 г).

Хаця інвентар замка быў мізэрны, у замку быў пушкар - немец, які знаходзіўся на ўтрыманні дзяржавы. Абавязкі яго такія: «Повинен тот пушкар на том замку господарском службу пушкарскую служити и стрелбы доглядати и што бы невеликого, слесарской работе належачого, зоп-совало, поправовати. А над то в каждый год по 60 фунтов пороху з своее салетры мает на замок давати».
Усё насельніцтва воласці было прывязана да замка. Яно павінна было будаваць, рамантаваць і пільнаваць замак. «На кліканне і на іные замковые потребы поставлена сторожа замковая на волости чергою на кажды тыдень по девяти человеков, а з места один».

У 1560 годзе замак быў у заняпадзе. Гарадня 25 не была пабудавана, замест другой вежы была пабудавана царква, варотная вежа была недароблена, не існавала ўзводнага моста.

У канцы 16 ст. Свіслацкая воласць і адпаведна замак перайшлі ў валоданне былога тутэйшага дзяржаўцы пана Міхайлы Гарабурды. Прыкладна з 1630-х гадоў прасочваецца сумеснае валоданне Свіслаччу родаў Гарабурдаў і Радзівілаў.

Пад кіраўніцтвам Багуслава Радзівіла ў сярэдзіне 17 стагоддзя былі праведзены рэканструкцыя замка і ўмацаванне пасада. Захаваліся ўласнаручныя малюнкі-эскізы князя Багуслава - планы перабудовы замка.

Паводле гэтых планаў, замест сцен, складзеных са зрубаў - «гародзен» - будаваўся «астрог» - частакол. Ад старога замка засталася варотная вежа і чацвёртая. Вежы пры гэтым захоўваліся, толькі замест той, што стаяла ў баку вусця р. Свіслач, князь Багуслаў пажадаў пабудаваць двухпавярховае параднае памяшканне - «сталовую». Да яе планавалася прыбудаваць 2 перпендыкулярныя крылы ў выглядзе баракаў з галерэямі - памяшканнямі для замкавага гарнізона. На месцы былой царквы цяпер стаялі два дамы перпендыкулярна адзін да другога і аб’яднаныя вуглавой вежай. Будынкі мелі аднолькавую шырыню (7,8 м), але адрозніваліся даўжынёй (38,9 м і 35,7 м). У кожным будынку было па 6 памяшканняў, якія ўтварылі анфіладную планіроўку. (Анфілада - рад паслядоўна прылягаючых адзін да аднаго памяшканняў, дзвярныя праёмы якіх размешчаны на адной восі. Таму пры адчыненых дзвярах ствараецца перспектыва ўсіх інтэр'ераў, звязаных у адзіную сістэму). У адным будынку знаходзіліся пакоі князя, у другім змяшчаўся гарнізон.

Знешнія сцены будынкаў выходзілі да рэк: яны замянялі сабой абаронныя сцены замка. 3 боку дзяцінца (дзяцінец - найбольш старажытная ўмацаваная частка сярэдневяковага горада або феадальнага двара) фасады былі аформлены галерэямі і аркадамі. (Галерэя - доўгі будынак, у якім адну прадольную знешнюю сцяну замяняе каланада з аркай і балюстрадай. (Балюстрада невысокае агароджванне лесвіц, тэрас і г. д.) Такім чынам, у сярэдзіне 17 стагоддзя замак меў рысы параднай рэзідэнцыі. Абаронная магутнасць яго сцен значна знізілася. Планы князя, хутчэй за ўсё, не былі ажыццёўлены.

Такім чынам, Свіслач у 17 ст. ператварылася з выключна ваеннага аб’екта ў феадальны двор, больш утульны, але слаба прыстасаваны для абароны, што і пацвердзіла чарговая вайна з Расіяй.

13 чэрвеня 1655 г. казацкі атаман Залатарэнка атрымаў загад цара Аляксея Міхайлавіча «укрепя осаду под Старым Быховом, итти из-под Быхова всем войском на Свислочь и к Минску...».

Загад гэты быў для Свіслачы фатальны - 2 ліпеня раніцай Свіслач была ўзята штурмам атрадам палкоўніка Івана Паповіча, а замак разбураны і спалены. Стольнік Міхаіл Дзмітрыеў, які знаходзіўся ў казацкім войску, у сваім рапарце цару адзначыў: «... город Свислочь взяли, острог и город и посад выжгли...»

Казакі стаялі ў знішчанай Свіслачы прыкладна да верасня 1655 г.

Гэтым сумным фактам заканчваецца гісторыя Свіслацкага замка. Як фартыфікацыйнае ўмацаванне ён ужо не аднаўляўся.

Зараз ад уласна замка засталіся толькі рэшткі земляных валоў і рова. Руіны мураванага будынка, які ўспрымаецца як частка замкавай забудовы, на самай справе датуецца 19 ст. і з’яўляецца рэшткамі гаспадарчай пабудовы, якая належала памешчыкам Незабытоўскім. На тым месцы, дзе колісь стаяла царква, цяпер стаіць будыніна, зробленая з велізарных камянёў з надзвычай моцным цэментуючым растворам. Час і людзі прывялі да таго, што збудаванне разбураецца. Дах яго разваліўся, дзвярэй і вакон няма, а ў адным месцы ўжо пачала разбурацца і сцяна...

Вёска Дуброва Лапіцкі сельсавет шырока вядома размешчаным у ёй помнікам архітэктуры. Парк закладзены ў 1909 годзе на 1,5 га. Складаецца з пейзажных секцыённых пасадок. У ім расце больш за 100 відаў парод дрэў і кустоў родам з Паўночнай Амерыкі, Далёкага Усходу, Сярэдняй Азіі, Заходняй Еўропы. З хвойных парод ёсць хвоя калючая, хвоя Банкса чорная, кедр сібірскі, піхта бальзамічная, цудоўная, суцэльналістая, лістоўніцы еўрапейская і японская, псеўдатсуга блакітная, туя заходняя, ядловец віргінскі. Сярод лісцевых парод: арэх маньчжурскі, кізільнік бліскучы, чаромха віргінская, вішня пенсільванская, дуб звычайны і чырвоны, клён серабрысты (цукрысты), явар, бяроза даўрская, аксаміт амурскі, барбарыс, вярба вавілонская, а таксама экземпляры спірэі, бружмелю, бэзу і інш. Парк з’яўляецца адным з нямногіх на Беларусі, дзе шырока прадстаўлены разнастайныя віды дрэў і кустоў.