На главную На главную
Написать письмо Написать письмо
Карта сайта Карта сайта
Рус
Бел
Eng
Герб и флаг Герб Осиповичи

Вакцинируйтесь! Осиповичский райисполком Физкультурно-оздоровительный комплекс
Вакцинируйтесь!

“Слаўлю сноп на сто коп”

2 августа 2018

Традыцыя святкаваць зажынкі паходзіць са старажытнасці. Нашы продкі, якія шанавалі ўсе земляробчыя святы, звычайна ўрачыста зажыналі першы сноп 21 ліпеня, на Пракопа Жніўніка. Дзень тыдня таксама ўлічвалі і, як правіла, выбіралі аўторак, чацвер або суботу. Напярэдадні свята абмалочвалі сноп мінулагодняга ўраджаю, які звычайна стаяў на покуце. Зерне неслі ў царкву ці касцёл, каб асвяціць. Ім пасля засявалі свежаўзаранае для азімага жыта поле, пры засяванні званілі манетамі з-пад гаспадара-снапка. Абрад зажынак насіў магічны характар, каб уміласцівіць сілы прыроды. Гаспадары палеткаў імкнуліся заахвоціць работнікаў на адказную працу. Тыя, у сваю чаргу, падкрэслівалі ўласную значнасць. Але ва ўсіх была адна мэта — зжаць, абмалаціць, засыпаць збожжа ў засекі і забяспечыць агульны дабрабыт.

Не губляюцца сувязі з мінулым і зараз, калі на змену сярпам прыйшлі магутныя камбайны. У нашым раёне штогод праводзіцца святочнае мерапрыемства, падчас якога і зажынаецца першы сноп як сімвал ўрадлівасці. І ўжо каторы раз зажынкі праводзяцца на палетках філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына”. Гэта адна з гаспадарак, што паспяхова спраўляецца з па-стаўленымі задачамі, на палях якой, нягледзячы на не надта спрыяльнае надвор’е, даспявае нядрэнны ўра-джай збажыны.

Сёлета для ўрачыстасцей выбралі палетак, што знаходзіцца паміж вёскамі Ліпень і Няччо. У вызначаны час выстраілі сваю тэх-ніку камбайнеры, непадалёк чакалі аўтамабілі, гатовыя прыняць зерне. Каля іх шчыльнай шарэнгай — камбайнавыя экіпажы, што прадстаўляюць і ўсю армію хлебаробаў Асіповіччыны.

Падтрымаць аграрыяў-белшынаўцаў прыехалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Павел Налівайка, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віктар Зуеў, прадстаўнікі сельгаспрадпрыемстваў.

Напачатку для камбайнераў быў праведзены се-мінар-вучоба, падчас якога аграрыі атрымалі шэраг практычных парад па паляпшэнні тэхналагічнага працэсу, а таксама ім яшчэ і яшчэ раз напомнілі правілы тэхнікі бяспекі і аховы працы.

Настаяцель храмаў Свята-Панцеляймонаўскага і іконы Божай Маці “Живоносный источник” іераманах Максім (Юндзіл) бла-славіў удзельнікаў жніва, адслужыў малебен і акрапіў святой вадой хлебную ніву, тэхніку і тых, хто будзе працаваць на ёй у самую гарачую пару сельскагаспадарчага года. Каб Бог бярог, каб багаты ўраджай сабралі. Божая міласць, дарэчы, сёння патрэбна жніву як ніколі. Дажджы, што прай-шлі напярэдадні ўборкі, зрабілі недаступнымі для тэхнікі палеткі з высокім узроўнем вільгаці, што не лепшым чынам адбілася і на ўборцы збажыны.

Жніўнымі песнямі віталі ўсіх удзельнікі мастацкай самадзейнасці Каўгарскага сельскага клуба. Яны таксама прымаюць удзел у раённых зажынках не першы год. Старэйшыя жанчыны калектыву — носьбіты аўтэнтычнай беларускай культуры. Калісьці разам з матулямі і бабулямі яны выходзілі ў поле з сярпамі, вязалі “першынца” або, як яшчэ называлі, “гаспадарыка”, упрыгожвалі яго рознакаляровымі стужкамі, павязвалі сноп ручніком, каб заўсёды быць з хлебам, затым падкідвалі яго ўгару, прыгаворчаючы: “Радзі, Божа, жыта, пшаніцу на наступнае лета, лепшае за гэта”. Гэтак жа сама зрабілі і сёлета. А затым па добрай традыцыі ўручылі сноп “імянінны” старшыні райвыканкама Паўлу Налівайку, які, у сваю чаргу, павіншаваў хлебаробаў, ад чыіх майстэрства і адказнасці залежыць лёс кожнага каласка і ўраджаю ў цэлым, з адной з самых важных працоўных падзей — жнівом, бо хлеб з’яўляецца крыніцай жыцця і дабрабыту людзей. І пажадаў сяльчанам важкіх намалотаў, плённай працы на карысць раёна, удачы, поспехаў і здароўя.

Ну і як жа без бохана хлеба ў такі святочны дзень? Сімвал багацця — каравай з ураджаю мінулага года прымаў таксама Павел Уладзіміравіч.

А вось наступны сноп быў уручаны намесніку старшыні — начальніку ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Віктару Зуеву, які таксама пажадаў аграрыям плёну ў іх нялёгкай рабоце.

Прыемна, калі праца хлебаробаў па-сапраўднаму ацэньваецца кіраўніцтвам. Усе экіпажы, якія будуць шчыраваць на палетках, з рук старшыні гаспадаркі Леаніда Гардзецкага атрымалі каштоўныя падарункі.

...Застракаталі камбайны, жняяркі сталі захопліваць спелае калоссе. Жніво-2018 працягваецца!

Ніна ВІКТОРЧЫК.

Фота Дзмітрыя САЎРЫЦКАГА.

Газета "Асіповіцкі край"